СКРЫЎЛЕ́ННЕ ПАЗВАНО́ЧНІКА, скаліёз,

бакавое скрыўленне пазваночніка (у франтальнай плоскасці). Бывае прыроджанае і набытае. Развіваецца ў выніку парушэнняў структуры пазваночніка, змяшчэння цэнтра цяжару цела ў бок ад падоўжнай восі. Бывае пры рахіце, траўмах, пухлінах, запаленнях пазваночніка і інш. У 90% выпадкаў назіраецца ідыяпатычнае С.п. (парушэнне абмену ў злучальнай тканцы, што вядзе да аслаблення сувязі міжпазванковых дыскаў з пазванкамі). Пры С.п. адзначаецца дэфармацыя грудной клеткі, змяншэнне яе аб’ёму і ўтварэнне рэбернага гарба, парушэнне функцый лёгкіх і сардэчна-сасудзістай сістэмы. Лячэнне: лячэбная фізкультура, масаж, хірургічнае.

І.​М.​Семяненя.

т. 14, с. 475

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)